ФЕНАЛАГІ́ЧНЫЯ НАЗІРА́ННІ,
назіранні над сезоннымі з’явамі прыроды, рэгістрацыя часу іх надыходу і заканчэння. Уключае рэгістрацыю сезонных з’яў жывой (расл. і жывёльны свет) і нежывой (ледастаў, ускрыццё рэк, сход снегавога покрыва і інш.) прыроды. Служаць для вывучэння біял. і геагр. аб’ектаў і для ўстанаўлення феналагічных заканамернасцей у прыродзе (гл. Феналогія). Асн. метад — візуальныя назіранні на працягу многіх гадоў на спец. вылучаных тыповых для мясц. умоў участках (у лесе, на лузе, у парку, полі і інш.). Па выніках Ф.н. складаюць календары прыроды і феналагічныя карты. На Беларусі асобныя Ф.н. праводзяцца з канца 19 ст., масавыя з 1920-х г. на аграметэаралагічных і метэаралагічных станцыях. З 1950-х г. матэрыялы Ф.н. публікуюцца ў аграметэаралагічных штогодніках і даведніках Рэсп. гідраметаацэнтра.
т. 16, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)